Тэма 2.5. Лексіка беларускай мовы паводле яе паходжання.
Актыўная і пасіўная лексіка
Пытанні для самакантролю
- Ахарактарызуйце гістарычныя пласты і семантычныя групы, якія складаюць спрадвечна беларускую лексіку. З “Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы” выпішыце дзесяць артыкулаў са словамі, якія належаць да згаданых гістарычных пластоў лексікі. Ахарактарызуйце будову слоўнікавага артыкула ў гэтым даведніку.
- Дайце агульную характарыстыку ўласнабеларускай лексікі. Прачытаўшы ўступны артыкул да слоўніка “Самабытнае слова” І.Р. Шкрабы (Мн., 1994), акрэсліце змест тэрміна “безэквівалентная лексіка”. Выпішыце з даведніка дзесяць слоў, што адносяцца да згаданага разраду лексікі.
- Растлумачце, чым абумоўлены рост запазычанай лексікі ў складзе беларускай літаратурнай мовы. Назавіце, якімі шляхамі адбываецца запазычванне новых слоў.
- Адзначце, у чым заключаецца асваенне іншамоўных слоў. На якія тыпы падзяляюцца іншамоўныя словы? Са “Слоўніка іншамоўных слоў” А.М. Булыкі (Мн., 2005) выпішыце дзесяць запазычаных лексемаў, якія сталі актуальнымі ў беларускай мове за апошняе дзесяцігоддзе. Растлумачце іх лексічнае значэнне, вызначце крыніцу запазычвання.
- Ахарактарызуйце працэсы словаўтваральнага і семантычнага калькавання лексікі. Прывядзіце прыклады.
- Адзначце, чым адрозніваецца актыўны слоўнік мовы ад актыўнага слоўніка носьбіта мовы.
- Ахарактарызуйце адрозненне паміж гістарызмамі і архаізмамі. Назавіце, якія віды архаізмаў вылучаюцца ў сучаснай беларускай мове. Адказ праілюструйце прыкладамі.
- Пакажыце, чым адрозніваюцца архаізмы і гістарызмы часу ад архаізмаў і гістарызмаў стылістычнага ўжывання.
- Ахарактарызуйце неалагізмы. Адзначце, на якія віды і ў залежнасці ад чаго падзяляюцца неалагізмы. Акрэсліце функцыі ў мове індывідуальна-аўтарскіх і агульнамоўных неалагізмаў.
- Заканспектуйце ў рабочыя сшыткі і падрыхтуйце для абмеркавання ў аўдыторыі артыкулы М.Р. Прыгодзіча “Аўтарскія неалагізмы як факт мовы” (Роднае слова. – 1995. – № 8) і “Наталяю смагу словам сакавітым” (гл. зборнік “Шчодрасць слова” (Мн., 1990).
Практыкаванні
Практыкаванне 1. Пакажыце адрозненне ў семантычным аб’ёме лексемы час у беларускай і рускай мовах. Складзіце сказы, якія б даказвалі, што ў адной з названых моваў семантычны аб’ём гэтай лексемы шырэйшы, чым у другой.
Практыкаванне 2. Адзначце, якія з прыведзеных слоў сучаснай беларускай мовы адпавядаюць размоўным, прастамоўным і дыялектным словам сучаснай рускай мовы.
Дрымота, хата, харч, цішком, гушчар, хлопец, грошы, зачараваць, жменя, мара, падзея, прорва, рогат, свойскі, смага.
Практыкаванне 3. Падрыхтуйце лінгвістычнае паведамленне на тэму “Беларуская лексічная экзотыка”. Рыхтуючыся да выступлення, звярніцеся да аднайменнага артыкула А. Шаблоўскага ў часопісе “Роднае слова” (2006. – № 10) і да слоўніка І. Шкрабы “Самабытнае слова” (Мн., 1994).
Практыкаванне 4. Да прыведзеных нямецкіх, англійскіх, французскіх слоў запішыце беларускія адпаведнікі. На прыкладзе гэтых слоў пакажыце працэсы графічнага, фанетычнага, марфалагічнага асваення іншамоўнай лексікі.
Словы з нямецкай мовы: Lackieren, Makler, Marschrute, Motion, Mentalität, Munizipalität.
Словы з англійскай мовы: coctail, college, comfort, lycra, locator, levitation.
Словы з французскай мовы: communicable, campagne, communiqué, education, couleur, humeur.
Практыкаванне 5. Прачытайце прыведзеныя афарызмы беларускіх пісьменнікаў. Выпішыце з іх іншамоўныя словы, растлумачце іх значэнні. Падкрэсліце прыметы запазычанняў.
- Не ведае каханне плагіяту. (З. Дудзюк) 2. Да ўсяго – нават разумення табліцы множання – трэба даходзіць самому. (М. Танк) 3. Цяжка з успомненых фрагментаў скласці жывы вобраз чалавека, які адышоў ад нас, але з адсутнасцю якога ты ніколі не можаш пагадзіцца. (М. Танк) 4. Жыццё ўвесь час – цяжкі экзамен. (П. Броўка) 5. Закладзены ў кроплі акіяны, у імгенні – эры, у пясчынцы – горы. (М. Рудкоўскі) 6. Як ні рашай, крытычны кворум, прыкметы часу часцяком не ў тым відны, што ў поце творым, а ў тым, што смехам сказанём. (М. Лужанін) 7. Радасць нават мільёнаў не зменшыць гора аднаго чалавека. (Г. Марчук)
Практыкаванне 6. Прачытайце ўрывак з рамана В. Іпатавай “Залатая жрыца Ашвінаў”. Выпішыце ўстарэлыя словы, патлумачце іх лексічнае значэнне, акрэсліце функцыю ў тэксце.
Агапій убачыў многіх славутых мужчын новагародскіх, апранутых па-святочнаму: у кашулі з атласу чырвонага, сіняга, зялёнага колеру, высокія шапкі, аблямаваныя футрам; і на кожным было то асляпляльна-бліскучае, то высакародна-матавае багатае карзно-плашч, што замацоўваецца на плячы сярэбранай ці бронзавай фібулай. Стольнік толькі пакруціў галавой, агледзеўшы баярынь: парчовыя і шаўковыя хітоны, абшытыя каштоўнымі камянямі – яны пераліваліся на сукнях, як кропелькі ранішняй расы. Кароткія каптанчыкі, таксама падбітыя футрам. Футры былі самых наймодных колераў, гэтак жа, як і павоі на жаночых галоўках. І трымаліся жанчыны ганарліва, з годнасцю, як і належала тое жыхаркам багатага прыгожага горада, што вёў гандаль з самой Візантыяй.
Пратыкаванне 7. Выпішыце спачатку словы з агульнамоўнымі неалагізмамі, а потым – з аўтарскімі. Раскрыйце значэнні выпісаных слоў, ахарактарызуйце асаблівасці іх ужывання.
- Капітальныя ўцёкі праз беларускую семігодку да “русскоязычного заочного технікума” і далей з прыступкі на прыступку нараджалі адных “манкуртаў”. (ЛіМ) 2. Сахі стырно трымалі моцна. Заплывалі за вечаровы небазвон. (Р. Барадулін) 3. Цяпер, як чума, коціцца па беларускай вёсцы “начальніцкая прыхватызацыя”. (С. Законнікаў) 4. Шчырэюць кіпцюркі – і па ствале ляціць угору ўвішная вавёрка, хвастатая камета, ветразорка, успых – і знікла ў смаляной імгле. (Р. Барадулін) 5. На плакатах малявалі вялікую Вежу і куды меншыя іншыя збудаванні – Эйфелеву вежу, амерыканскую статую свабоды, нью-йоркскія хмарачосы. (В. Быкаў) 6. Я хачу, каб вечна на зямлі коні дзіўнагрыўныя жылі. (І. Кірэйчык) 7. Родная мова не проста сродак узаемін, а найвялікшая духоўная каштоўнасць. (А. Каўрус)
Практыкаванне 8. Падрыхтуйце выступленне перад старшакласнікамі на тэму “Новыя словы апошніх гадоў”. Рыхтуючыся да выступлення, звярніцеся да слоўніка неалагізмаў, змешчанага ў даведніку І.Я. Лепешава “Чаму мы так гаворым?” (Гродна, 2003).